Ю́РАВІЦКІ КАСЦЁЛ І РЭЗІДЭ́НЦЫЯ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга, т.зв. беларускага барока. У 2-й пал. 17 ст. — 1773 тут размяшчаліся езуіцкія ўстановы — місія (з 1680) і рэзідэнцыя (з 1754). Пабудаваны ў 1746—55 у цэнтры в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Прыпяць, на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 2-й пал. 17 ст. У касцёле захоўваўся цудатворны абраз Багародзіцы. У 1756 тут адкрыта школа, якая дзейнічала і пасля скасавання ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай (1773). У пач. 1780-х г. комплекс перайшоў да ордэна капуцынаў, у 1788 — да дамініканцаў, у 1800—32 належаў бернардзінцам. Пасля закрыцця бернардзінскага кляштара касцёл Звеставання парафіяльны, дзейнічаў да 1865, потым прыняты ў праваслаўнае ведамства. Храм дзейнічаў да 1930-х г. Комплекс уключае касцёл і 2-павярховы жылы корпус, аб’яднаны ў адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 2-светлавым калідорам. Касцёл размешчаны на высокім беразе даліны Прыпяці за высокай мураванай агароджай (захаваліся паўд. і зах. сцены) з брамай, абкружаны пладовым садам. Па вуглах агароджы і абапал брамы круглыя ў плане вежы з байніцамі. Збярогся часткова. Комплекс — помнік рэсп. значэння. З 1995 дзейнічае жаночы правасл. манастыр Раства Багародзіцы.
Літ.:
Ісаенка У.Ф. Юравічы над Прыпяццю. Мн., 2000;
Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакрал. архітэктура бел. барока. Мн., 2001;
Юровичский Свято-Рождество-Богородицкий женский монастырь // Православные монастыри Беларуси. Мн., 2003.
Т.Б.Блінова.
т. 18, кн. 1, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)